Новости Суббота, 16.12.2017, 19:54
Приветствую Вас Гость | RSS
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Главная » 2012 » Декабрь » 26 » Курс выжывання ад студэнта БДУ: Як пражыць на 400 тысяч у месяц
21:00
Курс выжывання ад студэнта БДУ: Як пражыць на 400 тысяч у месяц

З Мікітам Курэпіным, студэнтам 1 курса гістфака БДУ, сустракаемся каля корпуса гістфака на Чырвонаармейскай і ідзём абедаць у сталовую Ліцэя БДУ. Туды Мікіта ходзіць амаль штодзень. Мікітаў бюджэт Мікітава стыпендыя складае 540 тысяч. 120 з іх ідуць на аплату месца ў інтэрнаце на вуліцы Свярдлова. Кожны тыдзень на ежу Мікіта выдаткоўвае каля 75 тысяч. 16 тысяч — на 3 бананы, 3 яблыкі і 3 ёгурты. Выбірае самае таннае, што са зніжкай. Макарона ці каша — 7,5 тысячы ў тыдзень. Мабільная сувязь і інтэрнэт — 10 тысяч у тыдзень. 10 сняданкаў і абедаў у сталовай — 22 500 на тыдзень. 2 тысячы — пачак печыва. 15 тысяч застаецца на гігіенічныя сродкі. "Часам грошы застаюцца пасля стыпендыі. Бывае, гляджу: "О, штосьці ў мяне шмат!" Вось у мінулым месяцы набыў фінікаў танных на 5 000... Не, такога, каб у жыцці ў мяне была нейкая разнастайнасць, — такога няма". Таксама штомесяц Мікіта купляе расійскіх рублёў на 120 ці 150 тысяч. "Атрымліваецца нешта каля 500 расійскіх рублёў, — кажа Мікіта. — На што адкладаю, пакуль не ведаю. Магчыма, на невялікі адпачынак летам. У мяне ёсць родзічы ў Кіеве, заўсёды запрашаюць. Ну ці ў Львоў — таксама прыгожае месца". Стаў вегетарыянцам, каб унесці навізну "Звычайна перад парамі я не снедаю, толькі калі ёсць нейкая "фортачка". Але цяпер пайшлі залікі і з’явілася больш часу для сняданкаў. Снедаю і абедаю ў сталовай за 2 ці 2,5 тысячы. Вячэра: ёгурт і яблык ці банан — залежыць ад таго, што лепш захавалася. І гарбата. Нармальна. І так кожны дзень", — кажа Мікіта. Мікіта — вегетарыянец. "Я халерык-сангвінік, мне патрэбны змены. Хацелася навізны, таму я вырашыў стаць вегетарыянцам. Спачатку думаў, што не змагу без мяса. Але ж гэта эканомія плюс этычныя прынцыпы — таму паспрабаваў. Яшчэ ў студзені мінулага года пачаў ладзіць "вегетарыянскія дні", потым вырашыў цалкам перайсці на вегетарыянскую дыету ды прызначыць гэта да сімвалічнай даты. Разглядаў Дзень Волі як опцыю, але спыніў мясаедства ў пачатку красавіка на дзень нараджэння. Спачатку было цяжкавата, але потым адчуў прыемную лёгкасць. А цяпер думаю: "Чаму людзі ядуць мяса?" Нядаўна быў у краме, пабачыў цэны. Чакаў, што салямі якіх 40 тысяч, а яна за сотню! Ё-маё!.. У кожным разе, мне так падабаецца. Ды з суседзямі мне пашэнціла: ім прывязуць яблыкаў ці зефір які, дык частку мне аддадуць — сапсуецца ж". Дыета адбіваецца на здароўі Недаяданне адбіваецца на арганізме. Мікіта гэтага не хавае: "Цягам часу ўсё было добра, але цяпер адчуваецца нейкая стомленасць. Сёння была фізкультура — на другой палове пары ўвогуле не мог нічога зрабіць. Бывае так, што інфармацыя не ідзе, галава не працуе. Але штосьці атрымліваецца. Канечне, трэба б унесці нейкую разнастайнасць у рацыён, але я ўжо звыкся са сваім ладам жыцця". Ежу Мікіта захоўвае ў шафе, бо з лядоўні на кухні "ёгурты знікаюць". "А там напісана "захоўваць пры тэмпературы ад 0 да +25", вось я і эксперыментую". А што ж мама? Сваякі да Мікіты наведваюцца раз на паўтара месяца, прывозяць адзенне, ежу. Яны прапануюць яму грошы, але Мікіта прынцыпова не бярэ. Адмаўляецца і ад большасці прывезенай ежы. Маці жыве і працуе ў Расіі. Яна таксама заўсёды гатовая даслаць сыну матэрыяльную падтрымку. Але Мікіта хоча быць цалкам самастойным. "Сваякі, мама, канечне, хочуць мне грошы даць, але я адмаўляюся. Я заўжды марыў жыць на свае грошы", — кажа Курэпін. Піша канспекты, каб не думаць пра ежу "Снедаю аб 11-й (але часам сняданка не бывае ), абедаю а 15-й, вячэраю звычайна а 20-й. На лекцыях я звычайна пішу, каб не думаць пра ежу. Таму канспекты па прадметах, што стаяць увечары, самыя поўныя. Жывы — і нармальна". "Не!" грамадскаму транспарту У мэтах эканоміі Мікіта не карыстаецца грамадскім транспартам. Не ездзіць нават зайцам, бо "не мае такой звычкі". "А навошта мне ездзіць?" — пытаецца Мікіта, пакуль мы хвілін 15 ідзём ад сталовай да інтэрната. "Я паўсюль дабіраюся пешкі. Далёка забірацца таксама няма патрэбы. Неяк былі справы ў пасольстве Расіі, дык я дайшоў да таго Камсамольскага возера. Мне самому цікава, колькі я магу прайсці. Вось нядаўна сумаваў, трэ было нешта рабіць у выходны дзень, і я дашпацыраваў да станцыі метро "Спартыўная". І вандроўка, і для здароўя добра. Бывае раз у месяц неадкладна трэба кудысьці дабрацца. Аднойчы ўся група паехала ў Нацыянальную бібліятэку, аднойчы ездзіў у студэнцкую паліклініку. Ну і яшчэ калі родзічы прыязджаюць. А так больш не было выпадкаў, каб на транспарце ездзіў. Калі б зноў транспарт стаў бясплатным для студэнтаў — карыстаўся б з задавальненнем. А так эканомлю на чым магу. Калі мы развітваліся, Мікіта прапанаваў два жэтоны на метро: яны засталіся пасля візіту сваякоў і яму непатрэбныя. Беларускамоўны грамадзянін РФ "Сам я ўсё сваё жыццё жыву ў Беларусі, але ўсе сваякі паходзяць з Расіі. І сам я нарадзіўся ў Смаленску. На шляху з Масквы ў Полацк", — дадае Мікіта і працягвае два свае чырвоныя расійскія пашпарты як доказ. "Бацьку я ніколі не ведаў, а маці працуе на нафтаздабычы ў Рэспубліцы Комі вахтавым метадам. Яна з’язджала надоўга, таму адправілі мяне да цёткі і бабулі ў Наваполацк. Але ў іх там свае праблемы ў Наваполацку, таму, так сказаць, яны не турбуюць мяне, а я не турбую іх". "З гэтага мая я падумаў, што трэба пераходзіць на беларускую мову. Мая беларуская была — жах! У атэстаце 5 балаў. Спачатку вывучыў асноўныя словы, потым неасноўныя. А потым пачуў пра нейкую акцыю "аўторак беларускай мовы" і пачаў кожны аўторак размаўляць па-беларуску. З кожным разам выходзіла ўсё лепей і лепей. Неяк званіў сваім родзічам і прасіў пакласці грошы на рахунак па-беларуску. Во яны здзівіліся мове! У БДУ спачатку ўказаў мову навучання расейскую, але потым перапісаў заяву. З 1 верасня цалкам размаўляю па-беларуску. Спачатку было цяжка: масавая трасянка, г.д. А цяпер нават не задумваюся пра словы. Я сам атэіст, у Бога не веру, бо яго не бачу. Але ў касцёл хаджу паслухаць беларускую мову". У вольны час — па горадзе "У вольны час рыхтуюся да наступнага дня. Ці ў госці да суседзяў па інтэрнаце схадзіць. Ці ў гульню якую камп’ютарную пагуляць. А ў выхадныя — проста шпацыр па горадзе. У мяне ёсць здымач звычайненькі. Хаджу, фатаграфую адное і тое ж. Ці ад крамы да крамы хаджу — паглядзець, што ёсць. Трэба ж хоць штосьці рабіць. Мастацкую літаратуру не люблю, яна мне ўвесь час была нецікавая. А навуковае пачытаць што ці для заняткаў — калі ласка". Мікіта трапіў, куды жадаў "У мяне ёсць мара стаць настаўнікам гісторыі. Вось я і паступіў на гістфак. Некаторыя не ведалі матэматыкі, але пайшлі на фізічны, проста каб паступіць. Але гэта не для мяне". Вучыцца Мікіта пакуль што добра. "А што будзе на іспытах, я не ведаю. З цягам часу даведаюся", — кажа ён. Мікіта кажа, што ў яго няма схільнасцяў да навуковай працы, яму бліжэйшая "малая сацыяльная група, якой можна кіраваць. То бок клас". Мікіта не хоча вярнуцца ў Расію. У Мінску на размеркаванне заставацца таксама б не хацеў — занадта доўгі тэрмін для аднаго месца. Па яго словах, Гродна было б выдатным месцам. Ехаць у вёску няма жадання, але калі адправяць, нічога не зробіш. Кажа, што нядрэнна было б з’ехаць на Захад, але баіцца быць нікому не патрэбным. Да таго ж, замежная мова даецца яму нялёгка. А пакуль Мікіта вучыць профільныя прадметы, лаціну і чакае сесіі. "Па выніках сесіі будзе пераразмеркаванне стыпендыі, — кажа ён. — Калі здам добра, магу атрымаць нават да мільёна. Калі ўмерана разумным акажуся — трохі меней за тое. Калі неразумным — трохі болей за цяперашнія грошы. Калі зусім неразумным — 540 тысяч і застанецца".
Просмотров: 267 | Добавил: qqq | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма входа
Поиск
Календарь
«  Декабрь 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Архив записей
Copyright MyCorp © 2017Сделать бесплатный сайт с uCoz